Перайсьці да зьместу

Паўабаронца (футбол)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Паўабаро́нца (састарэлая назва — «хаўбэк», ад анг. Half-back, паў-задні) — гулец футбольнай каманды, які дзейнічае паміж абаронай і нападам. Асноўнай задачай паўабаронцаў зьяўляецца дапамога гульцам абароны і напады ў залежнасьці ад гульнявой сытуацыі.

Паўабаронцы — гульцы шмат у чым унівэрсальныя, павінны ўмець дзейнічаць у нападзе і ў адборы мяча. Найболей карыснымі якасьцямі для іх зьяўляюцца дрыблінг, уменьне прыняць мяч, згуляць у падкаце, аддаць дакладны пас і дакладна стукнуць па браме.

У сучасным футболе, які адрозніваецца насычанасьцю сярэдняй лініі, роля паўабаронцаў узрастае ўсё больш.

Паўабаронцы бываюць цэнтральнымі, крайнімі, атакуючага і абарончага пляну.

Цэнтральны паўабаронца

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Цэнтральныя паўабаронцы, у залежнасьці ад сваіх навыкаў і фізычных кандыцый, выкарыстоўваюцца вельмі разнастайна. Дзякуючы таму, што яны разьмяшчаюцца ў цэнтры поля, то часьцяком зьяўляюцца і цэнтрам каманды, які злучае абарончую лінію й напад. Калі на гэтай пазыцыі знаходзіцца выдатны гулец, які добра чытае гульню і ўмее аддаць дакладную перадачу, то гульня ўсёй каманды ідзе праз яго. Такіх паўабаронцаў завуць таксама распасоўнікамі, або плэймэйкерамі.

Гэтую пазыцыю часта блытаюць з атакуючымі паўабаронцамі, паколькі яны часта зьяўляюцца ў штрафной суперніка і б'юць па брамах.

Важнасьць гэтай пазыцыі пацьвярджае і вялікая колькасьць вядомых гульцоў, такіх як Кака, Фрэнк Лэмпард, Аляксандар Маставой, Хаві, Дэку, Фігу, Торстэн Фрынгс і шматлікія іншыя.

Абарончы паўабаронца

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гулец гэтай пазыцыі падобны па функцыях з цэнтральным абаронцам, але больш увагі надае абароне і дзейнічае ў асноўным на сваёй палове поля, не даходзячы да цэнтральнага круга. У асноўным ужываецца ў схемах з трыма абаронцамі, або калі ў суперніка насычаная лінія нападу.

У абарончага паўабаронцы вельмі шмат назваў, у бразыльскім партугальскім — волан, у гішпанскім — рулявы, у партугальскім — замок, у ангельскім — апорны паўабаронца, у Расеі часта ўжываецца хвалярэз.

Адным зь яркіх прадстаўнікоў гэтага амплуа зьяўляецца Клёд Макелеле, здольны ня толькі спыніць напад суперніка, але і аддаць вывераны пас у лінію нападу, пачаўшы контратаку.

Асноўная задача абарончага паўабаронцы — сустракаць напады суперніка ўжо ў сярэдзіне поля, зводзячы да мінімуму рызыку ўзяцьця брамы. Ён павінен стала прэсынгаваць футбалістаў у сваёй зоне, быць па-добрым агрэсіўным і фізычна моцным, каб уступаць у адзінаборствы.

Другарадная задача — пасьля адбору або перахопу перавесьці мяч на палову суперніка для нападу або контратакі.

Атакуючы паўабаронца

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паўабаронца атакуючага пляну — гэта таксама разнавіднасьць цэнтральнага паўабаронцы, які разьмяшчаецца непасрэдна за нападнікамі й часта выконвае ролю адцягненага форварда. Яго асноўная задача — аддаць апошні пас нападніку пад удар або самому прабіць па брамах. Для яго вельмі важная тэхніка валоданьня мячом і бачаньне поля.

На чэмпіянаце сьвету 1970 году Пэле гуляў у ролі атакуючага паўабаронцы і вельмі пасьпяхова. У сучасным футболе з найболей вядомых можна вылучыць Раналдыньню, Зыдана, Кака.

Крайні паўабаронца

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крайнія паўабаронцы дзейнічаюць у непасрэднай блізкасьці ад бакавой лініі. У клясычнай схеме «дубль-вэ» яны клясыфікаваліся як нападнікі, але з часам пазыцыя зрушылася ўглыб абароны. У сучасным футболе крайнія паўабаронцы выкарыстоўваюцца ў пабудовах 4-4-2 або 4-5-1. Акрамя падлучэньняў да нападаў, ад гэтых паўабаронцаў патрабуецца абарона бакавой лініі ад праходаў крайніх і апорных абаронцаў.

Асноўнымі неабходнымі якасьцямі для «крылаў», як іх яшчэ завуць, зьяўляюцца хуткасьць і ўменьне весткі мяч, паколькі прыходзіцца дзейнічаць на абмежаванай прасторы поля.